9 лістапада, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў бліжэйшыя гады намечана рэалізаваць дзевяць энергетычных праектаў. Аб гэтым паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Пётр Пархомчык у час адкрыцця новай падстанцыі "Брэст-Заходняя", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Праведзена вельмі сур'ёзная работа. Распрацавана комплексная праграма, якая паэтапна рэалізуецца. За апошнія дзесяць гадоў у Беларусі рэалізавалі 11 энергетычных праектаў на суму больш як 260 млн еўра. Будуць рэалізаваны яшчэ дадаткова дзевяць праектаў, - расказаў Пётр Пархомчык. - Гэтыя дзевяць праектаў, якія мы намецілі, будуць рэалізаваны літаральна на працягу трох-пяці гадоў, з невялікім пераходам у наступную пяцігодку".
Віцэ-прэм'ер дадаў, што цяпер распрацоўваецца праграма на 2025-2030 гады. "Спажыванне энергарэсурсаў насельніцтвам, прамысловымі прадпрыемствамі расце, таму неабходна ствараць магутнасці. Размова ідзе не толькі аб буйных гарадах. Мы гаворым аб Слуцку, Старых Дарогах, Пінску, Мікашэвічах і іншых раённых цэнтрах, якія маюць патрэбу ў новых крыніцах электраэнергіі", - заўважыў Пётр Пархомчык.
У Брэсце запусцілі падстанцыю, якая забяспечвае электраэнергіяй цэнтральную частку горада. Там выкарыстана новае абсталяванне і сучасныя тэхналогіі. Камутацыйнай апаратурай спецыялісты кіруюць дыстанцыйна. "У абслуговым персанале няма неабходнасці. Аператыўныя работнікі "Брэстэнерга" ў час дзяжурства назіраюць за тым, што адбываецца на падстанцыі. Сістэма відэаназірання забяспечвае поўную бяспеку", - акцэнтаваў увагу намеснік прэм'ер-міністра.
Пётр Пархомчык асабліва падкрэсліў, што на брэсцкай падстанцыі выкарыстаны айчынны праграмны прадукт. "Гэта значыць мы сябе засцераглі ў пытаннях энергетычнай бяспекі. Нашы людзі распрацавалі праграмы і ўкараняюць іх не толькі ў Брэсцкай вобласці, а ў цэлым па краіне", - рэзюмаваў віцэ-прэм'ер.-0-