25 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькі ў гэтым сезоне будзе каштаваць пуцёўка ў дзіцячы лагер у Беларусі, расказаў на прэс-канферэнцыі "Аздараўленне дзяцей у Рэспубліцы Беларусь: прававыя навацыі 2025 года" намеснік начальніка аддзела дзяржаўных закупак і метадычнай работы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксей Жалянкоў,
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У частцы бацькоўскай аплаты з году ў год памер патаннення складае прыкладна 40 працэнтаў ад кошту пуцёўкі. Мы думаем, што ў бягучым годзе сярэдні кошт пуцёўкі складзе каля Br700. Амаль 40 працэнтаў будзе патанняцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Аднак у нас вельмі актыўна працуюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па дадатковым патанненні пуцёвак за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў", - расказаў Аляксей Жалянкоў.
Сумы будуць адрознівацца ў залежнасці ад рэгіёнаў. Пуцёўкі ў лагеры Мінска каштуюць крыху даражэй, чым, напрыклад, Брэсцкай і Віцебскай абласцей. У тым ліку гэта звязана з інфраструктурай, дадатковымі абавязацельствамі, якія бяруць уласнікі, прыцягваючы педагагічных, медыцынскіх работнікаў. Разам з тым пашыраецца практыка, калі Мінскі гарвыканкам для дзяцей супрацоўнікаў дзяржаўных органаў патанняе кошт пуцёвак. Таксама ўсё больш наймальнікаў гатовы дапамагчы ў арганізацыі дзіцячага летняга адпачынку для работнікаў.
Штогод выдаецца загад аб памерах патаннення кошту пуцёвак за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту з пазначэннем канкрэтных лагераў. У гэтым годзе ён будзе зацверджаны да 1 мая. Таксама асобна прымаюцца рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па пытаннях дадатковага патаннення за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў. Удзел наймальнікаў у летняй аздараўленчай кампаніі прапісваецца ў калектыўным дагаворы.
"Калі гаварыць пра стацыянарныя лагеры, то да 90 працэнтаў кошту пуцёўкі можа быць аплачана зацікаўленымі, акрамя бацькоў, а па дзённых лагерах - да 95 працэнтаў. Усё вельмі даступна", - падкрэсліў Аляксей Жалянкоў.-0-