4 кастрычніка, Пінскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў вярнуцца да праграмы па развіцці Палесся. Аб гэтым ён заявіў пасля прыбыцця ў Пінскі раён,
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Некалі мы падступаліся да Палесся. І была прынята праграма па адраджэнні Палесся. Як у нас, у чыноўнікаў, бывае: паварушыліся туды-сюды і на гэтым скончылі. Нешта зрабілі, нешта не. Трэба вярнуцца да гэтага пытання. І не распыляць сродкі. Ураду каманду даў, каб мы сканцэнтраваліся на нейкіх буйных праектах і накіроўвалі туды сродкі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў цэлым краіну за пяцігодку трэба прывесці ў поўны парадак, каб пакінуць яе ў належным выглядзе наступнаму пакаленню, дзецям. "А для гэтага неабходна там, дзе патрэбна, парадак навесці", - сказаў Прэзідэнт.
Ён нагадаў і пра іншыя такія рэгіянальныя праграмы. Напрыклад, па паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці, адраджэнні чарнобыльскіх раёнаў, якія на працягу дзесяцігоддзяў вярталі да жыцця. "Сёння бачым, што зрабілі правільна", - адзначыў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, за зіму трэба падумаць аб тым, што рабіць у Віцебскай вобласці, і выпрацаваць адпаведныя падыходы.
Што датычыцца Магілёўскай вобласці, то кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што там для эфектыўнага развіцця ўсё ёсць, акрамя дысцыпліны. "Магілёўскай вобласці патрэбны добры бізун. Там выдатныя землі, ёсць усё. Проста распусціліся", - сказаў ён.
Што датычыцца Палесся, Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што размова ідзе аб тэрыторыях ад Пінска ў бок Мазыра. І калі ў Мазырскім раёне ёсць сродкі для ўласнага развіцця, існуе магутная вытворчая база, то на іншыя раёны Палесся трэба дадаткова звярнуць увагу.
Узорам таго, як і што трэба рабіць, Прэзідэнт назваў землі ААТ "Парахонскае", дзе дасягнуты высокі ўзровень гаспадарання і развіцця сацыяльнай сферы. "Чыста, прыгожа", - ацаніў кіраўнік дзяржавы.
Курыраваць гэта пытанне Аляксандр Лукашэнка даручыў упаўнаважанаму прадстаўніку кіраўніка дзяржавы ў Брэсцкай вобласці Міхаілу Русаму. Дапамагчы ў арганізацыйным плане і парадай можа кіраўнік ААТ "Парахонскае". Зразумела, убаку не застанецца і ўрад, кіраўніцтва вобласці.
"Зробіце за пяць гадоў - вы героі. Трэба зрабіць, як у "Парахонскім", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Калі мы Палессе прывядзём у парадак, мы толькі за кошт Палесся накормім усю краіну, - падкрэсліў беларускі лідар. - Палессе кінуць нельга".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што з-за больш цёплага клімату трэба асвойваць вырошчванне новых, больш паўднёвых культур. Думаць трэба і над укараненнем тэхналогій арашэння зямель.
Да пытання развіцця Палесся кіраўнік дзяржавы вярнуўся і ў час размовы з жыхарамі аграгарадка Парахонск. "Падбрушша, глыбіннае Палессе, - яго трэба прыводзіць у парадак. Безгаспадарчасці, безадказнасці - усяго хапае, - адзначыў ён. - Мы некалі такую праграму стварылі. Міхаіл Іванавіч кажа, што нямала зрабілі. Я, вядома, вельмі незадаволены тым, што зроблена. Трэба проста вярнуцца да таго, што зроблена. Неабходна прыняць рашэнне, сканцэнтраваць сродкі. І паглядзець, што вы ўкладзяце, а што мы з цэнтра дапаможам. Але Палессе трэба адраджаць, неабходна прыводзіць яго ў парадак. Не трэба распыляць грашовыя сродкі. Трэба рэсурсы канцэнтраваць на асноўных напрамках".-0-