Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Галоўная // Навіны

Палескі драмтэатр рыхтуе прэм'еру спектакля "Прынцэса Турандот"

12/10/2022 10:10

12 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Палескім драматычным тэатры ставяць спектакль па п'есе Фрыдрыха Шылера "Прынцэса Турандот", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў тэатры.

Казачнай гісторыяй аб цудоўнай, але бязлітаснай кітайскай прынцэсе натхніўся рэжысёр Павел Марыніч - пастаноўшчык такіх яркіх спектакляў на гістарычную тэму, як "Уяўны хворы", "Раскіданае гняздо", "Чорная панна Нясвіжа", "Вій". "Мы доўга шукалі матэрыял, чым можна здзівіць гледачоў. Мне здалося, што ім будзе цікава назіраць за сюжэтам гэтай кітайскай казкі. Тэатр пастараўся зрабіць, каб гэта было маляўніча, ярка, музычна", - сказаў рэжысёр.

Жанр спектакля заяўлены як казка для дарослых у дзвюх дзеях. Насычанасць сюжэта падзеямі робіць пастаноўку вельмі дынамічнай. У ёй шмат дзеянняў, якія суправаджаюцца музыкай, танцамі, цырыманіяламі. Плюс яркія стылізаваныя касцюмы, грым і прычоскі персанажаў, багатыя дэкарацыі. Работу артыстам ускладніў рыфмаваны тэкст са шматлікімі абаротамі: акрамя цяжкасцей з запамінаннем ён яшчэ і не дазваляе ім імправізаваць.

"Самае цяжкае было - акунуцца ў традыцыі Старажытнага Кітая. Матэрыялаў, як аказалася, не так ужо і шмат. Мы вывуджвалі інфармацыю па маленькіх крупінках: недзе нешта падгледзелі, недзе - самі дадумалі. Па вялікім рахунку, гэта ўсё роўна казка, выдумка: не было такога імператара, такой прынцэсы. І гэтым, магчыма, я аблягчыў сабе палёт для фантазіі і рабіў усё, што мне здавалася дарэчным", - падзяліўся нюансамі творчага працэсу Павел Марыніч.

У спектаклі заняты вялікі склад трупы. Разам з масцітымі артыстамі (галоўныя ролі - Турандот і Калафа - іграюць Павел Рыжоў і Антаніна Ракала) дастойна справілася з задачай маладое папаўненне Палескага драмтэатра. "У нас адзін такі спектакль быў, падобны па сваёй маштабнасці, - "Пінская шляхта", - адзначыў рэжысёр.

Прэм'ера спектакля "Прынцэса Турандот" адбудзецца 23 кастрычніка. Усе білеты на першы паказ прададзены ўжо.-0-

https://blr.belta.by/culture/view/paleski-dramteatr-ryhtue-premeru-spektaklja-pryntsesa-turandot-120501-2022/